Маці тэлевядучай і спявачкі Кацярыны Ваданосавай знаходзіцца ў крытычным стане пасля кровазліцця ў мозг. Лекары канстатавалі незваротныя пашкоджанні мозгу. Пра гэта Кацярына паведаміла ў сваім Facebook.
Інсульт у Нэлі Ваданосавай, маці тэлевядучай і спявачкі, здарыўся 23 снежня. Яна страціла прытомнасць, калі дома знаходзіўся толькі ўнук Ян. Нягледзячы на тое, што хуткая дапамога прыехала аператыўна і жанчыне аператыўна правялі аперацыю, выдаліўшы тромб, сітуацыя застаецца вельмі цяжкай.
— Мая маці памірае. Цуду не адбылося, — напісала Кацярына Ваданосава. — Яна так і не прыйшла ў сябе. Пазаўчора яе падключылі да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх і да іншых сістэм забеспячэння жыццядзейнасці. Але мозг пашкоджаны незваротна, у нас застаўся толькі адзіны шлях. Я не ведаю, колькі ў мяне засталося часу. Можа, пяць хвілін, можа, пяць дзён, пакуль яе цела яшчэ прымае кісларод.
Сітуацыя ўскладняецца праблемамі з медыцынскай страхоўкай. Нэлі Ваданосава знаходзіцца ў Польшчы ў чаканні міжнароднай аховы. Аднак, паводле Кацярыны, праз бюракратычныя затрымкі яе дадзеныя не былі своечасова ўнесены ў базу.
— Там сказалі, што Упраўленне па справах замежнікаў не ўнесла маю маці ў базу забяспечаных страхоўкай. Да панядзелка там нікога няма — святы. Па законе мая маці мусіць быць забяспечаная, але з-за бюракратыі гэта аказалася не так. Я не ведаю, ці змагу дамагчыся яе страхоўкі. Я не ведаю, ці будзе яна жывая да панядзелка. Рахунак за аперацыю ды іншыя маніпуляцыі — ад дзесяткаў да соцень тысяч злотых, — адзначыла спявачка.
Кацярына Ваданосава не выключае, што ёй давядзецца абвясціць збор сродкаў на аплату медыцынскіх паслуг праз фонд BYSOL.
— Ніколі не рабіла гэтага, не ведаю, як гэта, і сіл няма. Але я абяцаю, што, калі даб’юся страхоўкі, то не скарыстаюся ніводнай лішняй капейкай. Самае страшнае — не мець моцы паўплываць хоць на штосьці. І зразумець, што цудаў не бывае, — рэзюмавала яна.
Нагадаем, маці Кацярыны Ваданосавай пераехала да дачкі ў Беласток у 2024 годзе. Увосень таго ж года яна ледзь не была дэпартаваная з Польшчы з-за бюракратычнай памылкі, але пасля грамадскага рэзанансу рашэнне было адмененае.






